ВАКА́ЛЬНА-СІМФАНІ́ЧНАЯ ПАЭ́МА,

буйны музычны твор (часцей адначасткавы), звязаны з літаратурным тэкстам. Прызначаны пераважна для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра. Узаемадзеянне музыкі са словам абумоўлівае яе праграмнасць (гл. Праграмная музыка), характэрную тэндэнцыю да ўзаемадзеяння розных формаў і жанраў. Ад кантаты і араторыі адрозніваюцца большай цэласнасцю (значнай роляй скразнога сімф. развіцця, выкарыстаннем прынцыпаў монатэматызму і інш.). У некаторых з іх выкарыстоўваюцца прынцыпы тэатралізацыі, элементы сцэн. дзеяння. Вытокі вакальна-сімфанічнай паэмы ў прынцыпах паэмнага сімфанізму Ф.​Ліста (гл. Сімфанічная паэма). У рус. музыцы 19—20 ст. вядомыя вак.-сімф. паэмы «Званы» С.​Рахманінава, «Паэма памяці С.​Ясеніна» Г.​Свірыдава і інш. Пачатак бел. вакальна-сімфанічнай паэмы паклалі М.​Аладаў («Над ракой Арэсай», 1933), Багатыроў («Паэма-казка пра Мядзведзіху», 1937). Да гэтага жанру ў бел. музыцы належаць «Буравеснік» Я.​Цікоцкага (1944), «Попел» С.​Картэса (1966), «Два твары зямлі» Дз.​Смольскага (1969), «Вечна жывыя» (1959) і «Героям Брэста» (1975) Г.​Вагнера, «Янка Купала» В.​Помазава (1983). Сярод вакальна-сімфанічных паэм 1980—90-х г. — «Радуйся, Францыск Скарына» Э.​Наско, «Зямля» Э.​Казачкова, «Памяці маці» У.​Кур’яна, «Настальгія» Г.​Ермачэнкава і інш.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 3, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)